Экзарцыст: шмат беларусаў маюць патрэбу ў малітве вызвалення

2014-11-03

Аўтар: Radio Vaticana

У тым, што яшчэ шмат беларусаў сёння маюць патрэбу ў малітве вызвалення, упэўнены кс. Чэслаў Паўлюкевіч, пробашч парафіі ў Росі і экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі.

Калі б нават кожны святар займаўся экзарцызмам, працы хапіла б на доўгія гады, лічыць ён. Аднак, на жаль, у грамадстве вельмі вузка разумеюць гэту сферу дзейнасці, суадносячы яе непасрэдна толькі з самім абрадам экзарызма. І тут часта вінавата так званае “кіношнае” успрыманне. Але служэнне экзарцыста нашмат шырэй, а сэнс яго глыбей і далікатней, тлумачыць кс. Паўлюкевіч. “Вельмі шмат служэння патрэбна ў сферы малітвы вызвалення і ацалення людзей. Кожны чалавек у сваім жыцці бывае паранены і раніць іншых. Кожны чалавек свядома або часцей несвядома ўваходзіць у рознага роду зняволенні, якія праяўляюцца ў тым, што знішчаецца стан, у якім мы пакліканы жыць – стан шчасця, стан свабоды, які нясе нам Езус. Таму вось менавіта такое служэнне вельмі патрэбна зараз ва ўсім свеце. Вельмі рады, што шмат святароў у Беларусі зацікаўлены малітвай вызвалення, таму што раней, магчыма, мала казалі аб гэтым у семінарыях, а зараз мы сустракаемся, абмяркоўваем і дзелімся вопытам менавіта па пытаннях, як каталіцкаму святару можна дапамагчы людзям, што прыходзяць з нейкімі праблемамі”, - адзначыў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

 

Больш: http://be.radiovaticana.va/news/2014/11/01/экзарцыст:_шмат_беларусаў_маюць_патрэбу_ў_малітве_вызвалення/bie-834173